ПРАВАДНА́Я СУ́ВЯЗЬ,

перадача і прыём паведамленняў (інфармацыі) з дапамогай эл. сігналаў (электрамагнітных ваганняў), якія распаўсюджваюцца па правадах; адзін з відаў электрасувязі.

У залежнасці ад віду паведамленняў, што перадаюцца, адрозніваюць тэлефонную сувязь, тэлеграфную сувязь, факсімільную сувязь (перадача нерухомых відарысаў, напр., фатаграфій, малюнкаў), кабельнае тэлебачанне і інш. Падзяляюць на далёкую (міжгароднюю, міжнар.) і мясцовую (гар., вясковую), агульнага карыстання і ведамасную (карпаратыўную і ўнутрывытворчую). Для П.с. выкарыстоўваюць падземныя (падводныя) кабелі сувязі, валаконна-аптычныя лініі (гл. Валаконна-аптычная сувязь), узмацняльнікі электронных і аптычных сігналаў, рэгенератары (у лічбавых сістэмах), апаратуру каналаўтварэння (ушчыльнення і падзелу сігналаў), камутатары, маршрутызатары і інш. П.с. спалучаюць з радыёсувяззю і спадарожнікавай сувяззю.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)